Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру і ніжняй – зялёнага колеру. Суадносіны шырыні палос чырвонага і зялёнага колеру – 2:1. Суадносіны шырыні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і яго даўжыні – 1:2. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер. Суадносіны шырыні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і даўжыні дрэўка – 1:3.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзяходзячага над зямным шарам сонца. Зверху поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – лёну. Вянок тройчы абвіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой знізу Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі зроблены надпіс золатам: "Рэспублiка Беларусь".
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь можа перадавацца ў шматколернай, двухколернай i аднаколернай (сярэбранай і залатой) выяве. Выпадкі змяшчэння шматколернай, двухколернай i аднаколернай (сярэбранай і залатой) выявы Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь вызначаюцца заканадаўствам.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны.
Дзяржаўны гімн сучаснай Беларусі захаваў музычную аснову гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Музыка Нестара Сакалоўскага карысталася папулярнасцю і павагай людзей розных пакаленняў, таму і пры стварэнні гімна незалежнай Беларусі было прынята рашэнне яе захаваць. Потым быў аб’яўлены конкурс на стварэнне тэксту гімна.
Словы Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць умовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэсліваюць патрыятызм і працавітасць грамадзян, брацкія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.