Традыцыі ўстановы

"Пасвяты" - свята першакласнікаў, "залічэнне" ў Этнашколу, праводзіцца штогод ў снежні

Пасвяты – гэта частка жыцця нашай школы, гісторыя нашай школы, гісторыя нашага краю, а значыць і гісторыя нашай Радзімы. Гэта нетрадыцыйнае для агульнаадукацыйнай школы мерапрыемства бярэ пачатак з 2002 года. Менавіта два дзесяцігоддзі таму назад наша “Ладзеніцкая дзіцячы сад-базавая школа” стала апорнай пляцоўкай сацыяльна-педагагічнага праекта “Этнашкола”, якім кіраваў узначалены прафесарам І.І.Сучковым спецыялізаваны навукова-даследчы калектыў.

 Пасвяты – гэта адзін з адукацыйна-выхаваўчых модуляў, так названая калектыўна-творчая справа, дзе кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу (вучні, настаўнікі, бацькі) становіцца яе актыўнымі ўдзельнікамі. Абавязкова вытрымліваюцца этапы Пасвят (магчыма таму і лічыцца мерапрыемства абрадам): урачыстая літаратурна-музычная кампазіцыя аб нашай Радзіме, яе гісторыі, родным краі і яго славутых земляках; урок-выпрабаванне з першакласнікамі на прадмет валодання роднай мовай і творамі беларускага дзіцячага фальклору (народныя гульні, лічылкі, забаўлянкі, танцы, прыказкі і прымаўкі, песні і г.д.) і канцэрт-віншаванне ад усіх класных, настаўніцкіх і бацькоўскіх калектываў. А якое ж свята без падарункаў? Галоўнае, што задавальненне ад атрыманых падарункаў атрымліваюць не толькі першакласнікі. Дарыць радасць, цудоўны настрой, хвілінкі шчасця і задавальнення тым, хто побач – гэта і ёсць галоўная маральная каштоўнасць чалавечых узаемаадносін, якім вучыць нас народная педагогіка.