Гісторыя ўстановы

Матуля-школа! Слаўны мілы кут
Маленства я сваё згадаю тут...

Для першай школы ў Ладзеніках, а гэта было яшчэ ў часы польскай акупацыі, асобнага памяшкання не было. Для навучання дзяцей выкарыстоўвалі хаты. "Здаваў" хату пад школу мясцовы жыхар Васіль Яфімавіч Фурса. Працавалі з дзецьмі ў той час настаўнікі Садоўскі, Говар, Манастырская. Навучанне вялося на польскай мове. Вывучаліся такія прадметы як польская мова, гісторыя, геаграфія. Кожны тыдзень да дзяцей прыязджаў праваслаўны святар. Ён выкладаў на рускай мове.
Спецыяльных памяшканняў не было, і так як хата была адна, вучыліся ў дзве змены. Спачатку было толькі чатыры класы, а потым стала сем, таму ў вёсцы была сямікласная адукацыя. Вучняў было шмат. Абсталявання ў школе не было. Школьнае абсталяванне складалася толькі з класнай дошкі і партаў. Дзяцей з першага па чацвёрты клас вучыў толькі адзін настаўнік. І толькі ў 1947 годзе ў Ладзеніках з'явілася сапраўдная сямігадовая школа.


Шуміць у школе новая сям'я
і школе роднай пакланюся я.
За ўсё, што чым для мяне яна была,
за ўсё, што на жыццё з сабой дала,
за ўсё, што праслаўляючы свой век,
мне даў настаўнік, мудры чалавек.

 

Час уносіў змены ў школьнае жыццё, мяняўся педагагічны састаў школы. І заўсёды ў руля быў самы адказны і мудры чалавек - яе дырэктар. Да 1964 года дырэктарам школы быў Мікалай Кірылавіч Белуш. Школа размяшчалася ў двух драўляных будынках у вёсцы Ладзенікі. У адным будынку мясціліся настаўніцкая і пачатковыя класы, а ў другім - старэйшыя. З 1964 года паўгода абавязкі дырэктара выконваў Іосіф Іосіфавіч Масла, а пасля яго быў прызначаны спадар Іванчык. Ён працаваў да 1965 года. Пазней пасаду дырэктара школы займаў Мікалай Іванавіч Гальцоў. За сваю дзесяцігадовую дзейнасць М.І.Гальцоў унёс значны ўклад у развіццё вясковай школы. З 1975 года на пасадзе дырэктара працаваў Фёдар Пятровіч Шымбарэцкі. У 1995 годзе яе ўзначаліла Аляксандра Мікалаеўна Варава (выпускніца гэтай школы). За час яе кіраўніцтва на пасадзе дырэктара з'явіўся новы двухпавярховы будынак школы. Гісторыя пачала новы адлік: тут з'явіўся першы этнаклас, школа прыняла дашкольныя групы і стала вучэбна-педагагічным комплексам. З 2016 года яе змяніла Ганна Васільеўна Мянчыцкая. У 2018 годзе на пасаду дырэктара была назначана Ганна Яўгеньеўна Абрыцкая, якая ўзначальвала ўстанову крыху больш за паўгода і на змену ёй была накіравана Алена Мікалаеўна Аскерка, якая працавала дырэктарам школы да 2021 года. Сёння школу ўзначальвае малады і крэатыўны дырэктар Віталій Віктаравіч Быт. З 1 верасня 2022 года школа змяніла назву вучэбна-педагагічнага комплекса і стала зноў называцца базавай.