Квэст-гульня “7 цудаў Прынёманскага краю”

17.11.2022

Напрыканцы ў 6 класе прайшла класная гадзіна ў форме квэст-гульні “7 цудаў Прынёманскага краю”. Але перад гэтым рабятам неабходна было дома падрыхтаваць невялічкія паведамленні пра знакамітыя турыстычныя мясціны, якія размяшчаюцца на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і пытанні да іх ў выглядзе малюнкаў і загадак. Па прапанаваных школьнікамі “цудах” класным кіраўніком былі распрацаваныя і падрыхтаваныя заданні, пры рашэнні якіх высветлілася, што на самой справе Прынёманскі край багаты не толькі 7-мі цудамі, а значна большай колькасцю. Рабяты вызначылі, што наша вобласць як ніякая іншая ў краіне багатая на старажытныя замкі, і цяпер яны ведаюць не толькі ўсім знаёмыя Мірскі і Навагрудскі замак, але таксама пра Крэўскі і Гальшанскі замкі, Стары і Новы замак у Гродне і пра замак у вёсцы Геранёны Іўеўскага раёна, які, на жаль, не захаваўся ўвогуле. Таксама рабяты зрабілі выснову, што на тэрыторыі вобласці размяшчаецца адзін з  самых старажытных праваслаўных храмаў Беларусі – Каложская царква святых Барыса і Глеба  і адзіная ў краіне царква-крэпасць у в. Сынкавічы Зельвенскага раёна, якая была заснавана, паводле легенды, вялікім князем Вітаўтам. Не абмінулі рабяты і прыродныя аб’екты Прынёмання: “цудамі” яны вызначылі р. Нёман і Аўгустоўскі канал, воз. Свіцязь і  краснасельскія мелавыя кар’еры, якія многія называюць беларускімі “Мальдзівамі”, навагрудскія ветракі і Замкавую гару.